1
Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі

Лукашэнка: справа гонару Міністэрства аховы здароўя і НАН у найкарацейшыя тэрміны зрабіць самую лепшую вакцыну ад COVID-19

26.03.2021

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што атрыманне ўласнай, айчыннай вакцыны ад COVID-19 з'яўляецца справай гонару кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя і Нацыянальнай акадэміі навук. Пры гэтым такая вакцына павінна быць самай лепшай. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з міністрам аховы здароўя Беларусі Дзмітрыем Піневічам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Айчынная вакцына - справа гонару Гусакова і Піневіча, Міністэрства аховы здароўя і Нацыянальнай акадэміі навук, у найкарацейшыя тэрміны зрабіць самую лепшую вакцыну. Чаму самую лепшую - таму што вопыт ужо ёсць. І ў расіян, і ў еўрапейцаў, і ў кітайцаў, у індусаў. Шмат хто ўжо вырабляе гэтыя вакцыны. Мы ўжо сёе-тое ведаем, мы не на голым месцы гэта робім", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, калі будзе неабходна, то і кітайскі бок гатовы падтрымаць і дапамагчы Беларусі ў гэтым пытанні.

"Трэба ўстаць на плечы тым, хто гэта ўжо зрабіў, і зрабіць добрую вакцыну. Калі атрымаецца надзейная, якасная - 98-99 працэнтаў гарантыі - гэта будзе прарыў. Да добрага трэба імкнуцца", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся тэрмінамі - на якім узроўні цяпер знаходзіцца работа беларускіх вучоных па распрацоўцы айчыннай вакцыны. "Мы дамаўляліся, што ў будучым годзе мы ўжо атрымаем уласную вакцыну. А да гэтага часу мы правакцынуем практычна ўсё сваё насельніцтва - 60 працэнтаў на першым этапе. Трэба - дабавім больш. Але пакупной вакцынай і якую вырабім па расійскіх тэхналогіях", - сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ў Беларусі ствараюцца дадатковыя да расійскіх магутнасці па вытворчасці вакцыны, і не выключана, што гэты прадукт, які ствараецца па расійскай тэхналогіі, будзе ў выніку запатрабаваны не толькі ў Беларусі, але і ў самой Расіі.

Прэзідэнт цікавіўся ходам вакцынацыі насельніцтва ў Беларусі, адзначыўшы, што ў краіне няма ажыятажу ў гэтым плане. "У нас спакойна ідзе ўсё. Вакцын хапае. Жадаючых прышчэпліваем. Урачоў, настаўнікаў, гандлёвых работнікаў, хто мае непасрэдны кантакт, мы забяспечваем вакцынамі расійскімі і кітайскімі. Ёсць і іншыя прапановы, але нам пакуль хапае гэтага", - адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка выказаў словы ўдзячнасці ў адрас старшыні КНР Сі Цзіньпіна за пастаўку на бясплатнай аснове 100 тыс. доз вакцын, і кітайскі бок таксама гатовы супрацоўнічаць у плане далейшых закупак прэпарату. "Нам сказалі: колькі трэба, столькі і забяспечаць. Аб расіянах я не гавару. Тут з прэзідэнтам Пуціным як дамовіліся, ён прапанаваў тады: вы будзеце першымі, каму мы паставім вакцыну. Ён выканаў сваё абяцанне. Мы атрымліваем планамерна гэтыя вакцыны і вырабілі па іх тэхналогіі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што плануе яшчэ наведаць РУП "Белмедпрэпараты", дзе рэалізуецца праект па разліве расійскай вакцыны "Спадарожнік V". "Наша сённяшняя размова ні ў якім выпадку не адмяняе і не замяняе гэта мерапрыемства", - сказаў ён Дзмітрыю Піневічу.

У цэлым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што людзям трэба даць самы шырокі спектр магчымасцей зрабіць прышчэпку ад каранавіруса, у тым ліку, хто жадае, на платнай аснове. "Людзі хочуць атрымаць вакцыну. Яны яе атрымаюць. Нехта хоча хутчэй, вакцыну іншых краін, добра, закупім. Няхай на платнай аснове. Не трэба гэта ўтойваць. Трэба адкрыць магчымасць і на платнай аснове каму-небудзь правакцынавацца. Гэта справа кожнага чалавека", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама цікавіўся ў міністра бягучай эпідэміялагічнай сітуацыяй. Паводле яго слоў, сітуацыя складваецца нядрэнна. Акрамя таго, як паказвае практыка і Беларусі, і іншых краін, статыстыка па выяўляльнасці COVID-19 залежыць непасрэдна ад колькасці зробленых тэстаў. "Гэта такі маркер. Але не гэта галоўнае. Галоўнае - гэта пнеўманіі. З іх - кавідныя пнеўманіі. Лічбы мне таксама вядомы. Мяне цікавіць дынаміка па пнеўманіях, у тым ліку кавідных, і прагноз на будучыню", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер усяго каля 240-280 пацыентаў маюць патрэбу ў лячэнні з выкарыстаннем апаратаў ШВЛ, якіх у арганізацыях аховы здароўя ёсць каля 2,5 тыс. Плюс да гэтага - наркозна-дыхальныя апараты. "Гэта значыць мы 8-9 працэнтаў усяго толькі выкарыстоўваем. Ну і дзякуй богу. Таму мяне цікавяць дынаміка і прагноз", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся тым, якія можна зрабіць высновы, зыходзячы з назапашанага вопыту лячэння пацыентаў з каранавірусам, як Беларусь выглядяе на фоне іншых краін.

Яшчэ адно пытанне, якое абмяркоўвалася на сустрэчы, - завяршэнне будаўніцтва некаторых аб'ектаў аховы здароўя. У прыватнасці, размова ішла аб рэканструкцыі аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі з палатамі інтэнсіўнай тэрапіі для нованароджаных у РНПЦ "Маці і дзіця", будаўніцтве корпуса хірургіі і транспланталогіі па вул. Сямашка ў Мінску, будаўніцтве кардыяхірургічнага корпуса ў Магілёўскай абласной бальніцы. "Гэта тры аб'екты, якія мы ў гэтым годзе павінны практычна завяршыць. Не зацягваць будоўлю, таму што гэта дорага абыходзіцца", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.-0-

Усе навіны